Вы просматриваете: Главная > Следим за здоровьем > Крыху пра культуру ў медустановах

Крыху пра культуру ў медустановах

Крыху пра культуру ў медустановахУ рэдакцыю нашай газеты прыходзіць шмат пісьмаў, у якіх чытачы «раёнкі» дзеляцца сваімі праблемамі і разважаннямі.  Чарговы ліст мы атрымалі ад нашай пастаяннай падпісчыцы Асі Астапенка:

 «Паважаная газета «Голас Сенненшчыны»! Звяртаюся да вас з просьбай на старонках нашай газеты закрануць тэму культуры паводзін сенненцаў у раённай паліклініцы. Прывяду такі прыклад: атрымліваеш у рэгістратуры талон на наведванне ўрача з нумарам і ўказаннем у ім часу прыёма. Падыходзіш да кабінета, на дзвярах якога выразна напісана: «У верхнім адзенні не ўваходзіць. Прыём строга па талонах з указаннем часу.» І вось што насамрэч атрымліваецца. Талон №8, час прыёму 10 гадзін 20 хвілін. Спытаеш, хто сёмы? А ў адказ — маўчанне. Хто шосты? Зноў маўчанне. Нарэшце нехта кажа: «А мы па «жывой» чарзе!» Як можна! Па якой такой «жывой» чарзе? Чарга ўжо вызначана ў рэгістратуры паліклінікі! 

 Уявіце сабе. Чалавек працуе. Ён папярэдне заказаў талон на наведванне ўрача ў свой свабодны час. Што яму рабіць? Чакаць, пакуль «жывая» чарга пройдзе? А на працу яму трэба  своечасова паспець.

 Разумееш, што ўсялякае бывае: хтосьці спяшаецца на аўтобус, камусьці вельмі дрэнна і ён не можа чакаць. Тады папрасі прапусціць цябе раней. Я думаю, што чалавек паспачувае, не адмовіць у просьбе. Такія паводзіны хворых павін­ны стаць нормай. Тады не будзе такіх чэргаў каля кабінетаў у чаканні прыёму ўрача.

 І яшчэ прыклад. Малады чалавек з паперай у руцэ кажа: «Я камісію праходжу.» На здароўе — праходзь. Але ў першую чаргу да ўрача павінен зайсці хворы, а потым ужо здаровы для рашэння сваіх спраў. Добра, калі ў чарзе адзін-два такіх маладых чалавека, а іх бывае значна больш.

 Выклікаюць непрыемныя адчуванні і хворыя, у якіх у кішэнях, у сумках мабільныя тэлефоны. Добра, калі тэлефон толькі крыху «піскне», а то бывае, прабачце, так зараве, што тыя, хто сядзіць побач, добра, калі толькі ўздрыгнуць…

 Адміністрацыя бальніцы на дзвярах кожнага кабінета размясціла памятку, як мы, хворыя, павін­ны сябе паводзіць. Дык давайце будзем добрапрыстойнымі, культурнымі людзьмі і разам змагацца  з бескультур’ем.»

 Каментарый намесніка галоўнага ўрача УЗ «Сенненская ЦРБ» Марыны Сапяжынскай:

 — Кожны, каму прыходзілася быць у паліклініцы, ведае: перш чым патрапіць на прыём да ўрача, неабходна атрымаць талон. Можна запісацца на прыём загадзя, патэлефанаваўшы ў рэгістратуру. Талоны пацыентам выпісваюцца на пэўны час.

 Многія прыходзяць на прыём загадзя, а некаторыя закажуць талон і зусім не з’яўляюцца на прыём. Бываюць і «форс-мажорныя» абставіны: «экстрэнны» хворы, якому патрэбна неадкладная дапамога. У такіх выпадках час прыёму, указаны ў талонах, звычайна зрушваецца.

 Паліклініку штодня наведвае больш за 200 чалавек. Кожнаму спецыялісту трэба выканаць планавую нагрузку: тэрапеўт, напрыклад, за змену павінен прыняць 25 чалавек. Рэальна ж, кожны кабінет перавыконвае норму на 25-30%. У нашай паліклініцы, нават калі няма талонаў, урачы прымаюць зверх нормы. У асенне-зімовы перыяд, калі шмат прастудных захворванняў, на кожнага спецыяліста за змену прыходзіцца па 50-60 чалавек. Супрацоўнікі стараюцца ўлічваць і той факт, што многія хворыя прыязджаюць з аддаленых населеных пунктаў. Пажадана, каб яны, заказваючы загадзя талон, улічвалі і расклад руху свайго аўтобуса. Гэта дазволіць пазбегнуць непаразуменняў сярод пацыентаў у чарзе.

 Людзі, якія праходзяць медыцынскую камісію, абавязкова імкнуцца хутчэй патрапіць на прыём да ўрача. На самой справе, кожнаму з іх выдаюцца зарэгістраваныя талоны з нумарамі і ўказаным у іх часам прыёму.

 Ад імя сваіх калег я прашу ўсіх, хто прыходзіць у медыцынскую ўстанову — выконвайце правілы паводзін у сценах паліклінікі і выконвайце іх. Не забывайцеся, што бальніца — гэта тое месца, куды людзі прыхо­дзяць за здароўем. Давайце ж будзем памяркоўнымі, добразычлівымі і ўзаемаветлівымі.

З пісьмом працавала

Ларыса МУКАМОЛАВА.

Обсуждение закрыто.