Вы просматриваете: Главная > Следим за здоровьем > Рэканструкцыя Сенненскай бальніцы будзе працягвацца. Прадугледжана 8 пускавых аб’ектаў

Рэканструкцыя Сенненскай бальніцы будзе працягвацца. Прадугледжана 8 пускавых аб’ектаў

Рэканструкцыя Сенненскай бальніцы будзе працягвацца. Прадугледжана 8 пускавых аб’ектаўУзровень медыцыны ў Беларусі даволі высокі. Бясспрэчнае пацверджанне таму 274 аперацыі, праведзеныя летась беларускімі медыкамі па перасадцы ўнутраных органаў. Сучаснае абсталяванне сусветнага ўзроўню маюць клінікі Мінска і абласных цэнтраў, вядзецца мадэрнізацыя цэнтральных раённых бальніц. Што зроблена, што робіцца ў гэтым напрамку ў Сенненскай ЦРБ? Якія праблемы найбольш востра стаяць перад раённай медыцынай? Гэтыя і іншыя тэмы абмяркоўваліся ў час сустрэчы з Ігарам Мізаўцовым, галоўным урачом медыцынскай установы.

На пасадзе галоўнага ўрача раёна вы адносна нядаўна. Праўда, некалі яе ўжо займалі…

 — 20 гадоў таму… А быццам кабінет не пакідаў. У медыцыне, у бальніцы тыя ж праблемы, што былі раней…

 — Не паверу, што за такі час нічога не змянілася…

 — Сапраўды. Я некалькі ўтрырую сітуацыю. З’явілася выдатнае сучаснае абсталяванне ў паліклініцы г.п.Багушэўск. У Сянне добры ўзровень аснашчанасці маюць рэанімацыйнае і хірургічнае аддзяленні. Значныя сродкі ўкладзены ў сельскія медыцынскія ўстановы па праграме аграгарадкоў.

 Але праблем, паверце, не стала менш, бо час прад’яўляе ўсё новыя і новыя патрабаванні. Будынкі медыцынскіх устаноў пастарэлі і патрабуюць рамонту, медыцынскае абсталяванне — замены.

 — Летась над раённай паліклінікай з’явіўся новы дах, на тэрыторыі бальніцы ўзведзены новы будынак. Дарэчы, што ў ім размясцілася?

 — Пральня і цэнтр стэрылізацыі — наш мінулагодні інвестыцыйны праект, рэалізаваны, дарэчы, з дапамогай фундатараў з Галандыі. На будаўніцтва сродкі ў суме 1,5 млрд рублёў  выдаткаваны з бюджэту, а вось спонсарскіх 150 тыс. еўра патрачана на абсталяванне.

 — Якімі яшчэ інвестыцыйнымі праектамі адзначыўся 2012 год? Што парадавала вас і вашых калег-медыкаў найбольш?

 — Летась установы медыцыны папоўніліся дзвюма машынамі «хуткай дапамогі», якія мы набылі таксама за сродкі галандскіх фундатараў. З’явілася спецмашына нямецкай вытворчасці.

 Для лабараторыі Сенненскай ЦРБ набыта сучаснае абсталяванне. Усе даследванні зараз праводзяцца ў аўтаномным рэжыме. Задача чалавека — узяць матэрыял і змясціць яго для даследавання. У бальніцы ўстаноўлены біяхімічны гематалагічны аналізатар. Усё гэта абсталяванне набывалася цэнтралізавана, за кошт абласнога бюджэту.

 — Пачаўся  новы, 2013 год. Што мяркуецца зрабіць сёлета для ўстаноў медыцыны? Якія сродкі для гэтага прадугледжаны?

 — Усяго на год выдаткавана  3,2 млрд рублёў. На Машканскую амбулаторыю бу­дзе патрачана 300 млн рублёў, Яноўскую бальніцу — 100, Алексініцкі ФАП — 150. Але асноўная частка асігнаванняў пойдзе на Сенненскую ЦРБ. Мяркуецца завяршыць замену вакон, пачаць цепларэанавацыю будынка бальніцы, падрыхтаваць каштарысна-праектную дакументацыю на іншыя работы, якія неабходна правесці ў бальніцы ў бліжэйшыя гады.

 — Значыць сенненцы могуць спадзявацца, што бальніца стане сапраўдным медыцынскім цэнтрам?

 — На бліжэйшыя гады прадугледжана 8 пускавых комплексаў. Мяркуецца замяніць усю сістэму водаправода, сантэхнічнае абсталяванне, электраправодку. Палаты ў аддзяленнях стануць меншымі, у кожнай будзе санвузел. Памяняюць месцазнаходжанне адміністрацыя бальніцы, стаматалогія. Трэба зрабіць так, каб у бальніцы медыкам было зручна працаваць,  а хворым камфортна лячыцца, трэба выключыць кантакты хворых і здаровых людзей.

 У планах — стварэнне цэнтра рэабілітацыі, аддзялення сястрынскага догляду, нават, касметычнага салона, калі знойдзем для гэтага праекта фундатараў. Рэалізацыя задуманага дазволіць аказваць пацыентам бальніцы дадатковыя паслугі. Дадатковыя даходы паслужаць дзеля далейшага развіцця медыцыны раёна. У рэшце  цэнтральная раённая бальніца сапраўды павінна стаць сучасным, высокатэхналагічным медыцынскім цэнтрам для жыхароў усяго раёна.

  — Для гэтага як мінімум, патрэбны яшчэ і кваліфікаваныя кадры, прыток маладых спецыялістаў, чаго яўна бракуе раённай медыцыне…

 — Сапраўды. Некамплект урачоў у Сенненскай ЦРБ складае 7 чалавек. У прыватнасці, патрэбны хірург, анестэзіёлаг, гінеколаг, тэрапеўт агульнай практыкі… Заяўку на спецыялістаў мы зрабілі.

 — Прыедуць — не значыць застануцца…

 — Вы маеце рацыю. Але сучасная матэрыяльная база медыцынскіх устаноў, палепшаныя ўмовы працы дапамогуць замацаванню маладых спецыялістаў. А калі яшчэ мець службовае жыллё, з цягам часу кадравая праблема будзе вырашана.

 — Дазволю сабе яшчэ некалькі «нязручных» пытанняў. Нядаўна рэдакцыя атрымала пісьмо ад нашай чытачкі, у якім яна выказвае неразуменне, чаму хворы з талонам на руках не можа патрапіць на прыём да ўрача ў пазначаны час: то хворыя ўтвараюць «жывую» чаргу, бо на прыём да доктара стаяць і тыя, хто прыйшоў на медагляд і прызыўнікі, якім талоны не выдаюцца; то ўрач некуды знікае…

 — Ёсць такое паняцце, як неадкладная медыцынская дапамога. Па гэтай прычыне ўрача могуць выклікаць у аддзяленне бальніцы, прыёмны пакой.

 — Аўтар пісьма лічыць, што сенненцам не хапае культуры паводзін. Здаецца, не толькі тым, хто стаіць на прыём да ўрача, бо, калі паведаміць хворым, што спецыяліста выклікаюць для аказання неадкладнай медыцынскай дапамогі, нараканняў не бу­дзе.

 — У бліжэйшы час мы абмяркуем гэтую сітуацыю ў калектыве, пастараемся ўхіліць нязручнасці для пацыентаў.

 — Дазволю сабе змадэліраваць яшчэ адну сітуацыю. Перад тым як хворы трапіць у аддзяленне бальніцы, у прыёмным пакоі афармляецца яго медыцынская карта, у якой ёсць пункт: «З правіламі паводзін у бальніцы азнаёмлены». Але мне асабіста ні разу не давялося бачыць змешчаныя для агульнага агляду абавязкі медсястры, санітаркі. Можа таму і ўзнікаюць нярэдка нараканні на іх работу?

 — Магчыма.

 — Ці вось яшчэ. Рэгістратура ў паліклініцы працуе з 7.30. А вось флюараграфія, аглядавы пакой, нават, гардэроб — з 8.00. Хворы ўзяў талон і павінен чакаць паўгадзіны.

 — Дзякуй за заўвагу. Меркаванне людзей, погляд на медыцыну, работу медыкаў збоку для нас вельмі карысныя і мы іх будзем улічваць.

 Гутарыў Аляксандр Яўгенаў.

Обсуждение закрыто.